📕 Усё, што вы хацелі ведаць пра БЧБ сцяг, але баяліся спытаць:
1. БЧБ сцяг мае вельмі старажытнае паходжаньне – НЯПРАЎДА.
БЧБ, як і большасьць сцягоў – адносна новая рэч. У старажытнасьці першасным быў герб. Сцяг – вытворнае ад гербу. Гэта схематычная перадача колераў гербу, калі казаць проста. «Пагоня» мае два колеры – пунсовы (геральдычны чырвоны) і срэбны (геральдычны белы). Пунсовы колер адносіцца да «эмаляў», срэбны – да «мэталаў» (такія групы колераў у геральдыцы). Эмалі і мэталі павінны чаргавацца, эмаль з эмаллю або мэталь з мэталям не спалучаюцца (ЧЗ-спалучэнне – дно днішчанскае, бо эмаль+эмаль).
2. Ёсць лягенда пра князя і акрываўленую павязку – НЯПРАЎДА.
Прынамсі, калі лічыць гэта старажытнай легендай. Гэтая гісторыя шырока вядомая ў нашым пакаленьні дзякуючы дзіцячай кніжцы «Пра герб і сцяг». У сваю чаргу, у гэнай кніжцы ідзе спасылка на песьню Сяржука Сокалава-Воюша. Больш раньніх згадак пра «лягенду» няма.
3. Сцяг фіксуецца на карціне «Бітва пад Воршай»/«Бітва пад Клушынам»/«Бітва пад Кірхгольмам»/«Бітва на Пэленорскіх палёх»/ваш варыянт – НЯПРАЎДА.
Калі й лічыць, што гэныя карціны адлюстроўваюць рэальную рэальнасць (што далёка ня так), там мы назіраем сцягі ротаў. Не дзяржаўныя сцягі – іх тады папросту не было.
4. Сцяг быў прыдуманы ў ХХ ст. – ПРАЎДА.
Дакладней – у 1917 г. І мае аўтара – Клаўдзія Дуж-Душэўскага.
Гэта само па сабе ня робіць сцяг нейкім дрэнным. У той час, акурат, паўставалі дзяржавы сучаснага фармату і рабіліся нормай дзяржаўныя сцягі як абавязковы атрыбут.
5. Сцяг заснаваны на нейкай ранейшай традыцыі – ПРАЎДА.
На адмену ад гэных вашых камуністаў, Клаўдзій Дуж-Душэўскі, відаць па ўсім, крыху цяміў у геральдыцы. Таму ён зрабіў адзінае мажлівае, што трэ было зрабіць – схематызаваў герб да сцягу. Да яго таксама так рабілі – былі бел-чырвоныя прапарцы на піках уланаў, бел-чырвоныя султаны на ківэрах і г.д. Таму можна сказаць, што БЧБ-сцяг не паходзіць беспасярэдне здаўна, але ёсць этапам даўняй традыцыі.
6. Сцяг выкарыстоўвалі калябаранты ў часы WWII. – ПРАЎДА.
Як і ў іншых краінах, нацысты ў акупаванай Беларусі ўжывалі традыцыйную мясцовую сымболіку. Але цяпер іншыя краіны чамусьці пляваць на нацыстаў хацелі і працягваюць выкарыстоўваць традыцыйныя сымбалі, негледзячы на тое, што іхныя калябаранты таксама пад імі бегалі. У Расеі вунь і бела-сіне-чырвоны сцяг, і Андрэеўскі сцяг, і Георгіеўская стужка лічацца вельмі нават патрыятычнымі і звязваюцца з культам «Вялікай Перамогі». А, між іншым, усё гэта – таксама сымболіка калябаранцкіх падраздзяленняў, у тым ліку – датычных да SS, у тым ліку – тых, на якіх даказаныя ваенныя злачынствы.